ДА РОДНАЙ МОВЫ – З ПАШАНАЙ І ЛЮБОЎЮ

19.02.2021

21 лютага адзначацца Міжнародны дзень роднай мовы, які заснаваны па рашэнні ЮНЕСКА. У нашай школе да гэтага свята заўсёды рыхтуюцца загадзя. На працягу тыдня прайшлі цікавыя сустрэчы у школьным этнаграфічным музеі “Беларуская хатка”, дыстанцыйная алімпіяда “Марфалагічная вясёлка” для вучняў 7-8 класаў, моўная скарбонка “Яе Вялікасць – Слова” для 3-5 класаў, творчая майстэрня “Чытанкі-маляванкі” ў 5 класе.
Адным з яркіх мерапрыемстваў у шэрагу іншых з’яўляецца і рэспубліканская гульня “Буслік”, што праводзіцца з 2004 года грамадскім аб’яднаннем «Беларуская асацыяцыя “Конкурс”». З мэтай развіцця і падтрымкі цікавасці школьнікаў да вывучэння беларускай мовы і літаратуры настаўнікі нашай школы штогод запрашаюць да ўдзелу ў конкурсе сваіх вучняў. І з кожным годам колькась аматараў роднай мовы расце, а “Буслік” набірае вышыню.
Доўгачаканыя вынікі лінгвістычнага конкурсу “Буслік-2020” парадавалі многіх навучэнцаў нашай школы. З 49 удзельнікаў у мінулым навучальным годзе 10 атрымалі прызы “За высокі вынік”. Але ў конкурсе няма прайграўшых, бо, незалежна ад выніку, кожны ўдзельнік атрымлівае падарункі.
У гэтым годзе 18 лютага ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры ў час стартавання чарговага конкурсу “Буслік” зноў было шматлюдна. 50 удзельнікаў сярод вучняў 3-9 класаў – гэта для нашай малакамплектнай школы сапраўднае дасягненне!
Шчыра віншуем усіх нераўнадушных да лёсу роднай мовы і запрашаем праявіць свае веды па беларускай мове і літаратуры ў наступным годзе!
А мы з павагай і любоўю да роднай мовы працягнем наш інтэлектуальны марафон на чарговых уроках і пазнавальных мерапрыемствах, якія будуць спрыяць далучэнню нашчадкаў да самабытнай беларускай культуры, да нацыянальных вытокаў.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Саламаха Іна Васільеўна