Чарговы крок да поспеху

14.01.2021

ЧАРГОВЫ КРОК ДА ПОСПЕХУ
Прымаць удзел у дыстанцыйнай алімпіядзе на сайце “Падабайкі роднай мове” ў нашай навучальнай установе стала добрай традыцыяй. Гэта не проста выкананне разнапланавых заданняў па беларускай мове і літаратуры, якія даступныя пасля папярэдняй рэгістрацыі жадаючым вучням 6-8 класаў, гэта цэлая серыя алімпіяд як тэматычных, так і змешанага тыпу: “Вераснёвыя жарынкі”, “Гука-літарныя пацешкі”, “Марфалагічная вясёлка”, “Кошык пунктуацыі”...
Дыстанцыйная алімпіяда – гэта своеасаблівы якасна новы від навучання, які грунтуецца на самастойнай вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, сучасных метадах навучання, тэхнічных сродках і спосабах перадачы інфармацыі.
Умовы правядзення дыстанцыйных алімпіяд розныя, што спрыяе развіццю творчых і індывідуальных здольнасцей высокаматываваных навучэнцаў.
Як адзначыла навучэнка 8 класа Вікторыя Поўх, удзел у дыстанцыйных алімпіядах дазволіў ёй ва ўмовах псіхалагічнага камфорту праверыць глыбіню сваіх ведаў і прымяніць іх у нестандартнай сітуацыі, пашырыць кругагляд, эрудыцыю і развіць лагічнае мысленне, параўнаць свой узровень ведаў з узроўнем ведаў навучэнцаў Беларусі.
Дарэчы, Вікторыю ў гэтых спаборніцтвах можна лічыць амаль абсалютнай пераможцай: пачынаючы з лютага 2020 года яна заўсёды паказвала высокія вынікі і брала дыпломы І ступені. І толькі ў снежні заданні па тэме “Лексічныя пацешкі” здаліся для яе надзвычай цяжкімі. Але, апусціўшыся на прыступку ніжэй, яна не засмуцілася, а наадварот адзначыла для сябе, што ёсць яшчэ шмат над чым працаваць. Яе мэта – дасягнуць 100% выніку! Што ж, у нашай Вікторыі ўсё яшчэ наперадзе: і новыя адкрыцці, і поспехі, і перамогі...
У кожным класе, безумоўна, ёсць свае аматары роднай мовы. Сярод сямікласнікаў актыўнымі ўдзельнікамі з’яўляюцца Шаўлюга Дар’я, Мацкевіч Вікторыя, Кажамячонак Лідзія, Тамашэвіч Іван. У восьмым класе кампанію Поўх Вікторыі з задавальненнем складаюць Шаўлюга Віялета, Сцяржанава Ангеліна, Касатая Дар’я. Увогуле за мінулы каляндарны год 18 навучэнцаў нашай школы заваявалі 66 дыпломаў рознай вартасці і 9 сертыфікатаў (больш за 50% выкананых заданняў). Усё гэта служыць стымулам да далейшага ўдзелу ў падобных мерапрыемствах.
Дыстанцыйная алімпіяда патрабуе ад кожнага ўдзельніка асаблівай дысцыплінаванасці і адказнасці ў выкананні заданняў: неабходна выканаць 15 аб’ёмных заданняў за 1 гадзіну. А гэта дастаткова складана.
Нягледзячы на пэўныя цяжкасці, удзел у дыстанцыйнай алімпіядзе — добрая трэніроўка для тых падлеткаў, якія рыхтуюцца да здачы ЦТ і рэспубліканскай алімпіяды.
І сёння можна з упэўненасцю сказаць, што кожная дыстанцыйная алімпіяда — гэта чарговы крок да поспеху, важная прыступка да вяршыні ведаў, ключ да новых адкрыццяў, развіцця творчага патэнцыялу.
Смялей наперад, мае дапытлівыя вучні! І хай заўсёды шлях да ведаў у вашым жыцці азарае святло роднага слова!

Iна Васільеўна Саламаха,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры